суббота, 6 февраля 2021 г.

Літаратурны час "Мастак вялікага грамадзянскага абавязку"

29 студзеня ў 11 «Б» класе прайшоў літаратурны час “Мастак вялікага грамадзянскага абавязку”, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна. Яшчэ пры жыцці ён стаў адным з самых вядомых і папулярных пісьменнікаў у Беларусі і за яе межамі. Яго творы перакладзены больш чым на 30 моў свету, выдаваліся ў Савецкім Саюзе шматтысячнымі і мільённымі тыражамі. У канцы 1970-х гадоў па чытабельнасці ў СССР сярод пісьменнікаў ён займаў пятае месца. Шамякін працаваў у літаратуры надзвычай плённа, выдаў дзесяткі кніг апавяданняў, раманаў, аповесцей. Дастаткова назваць раманы «Крыніцы», «Сэрца на далоні», «Снежныя зімы», «Атланты і карыятыды», «Вазьму твой боль», «Злая зорка», цыкл аповесцей «Трывожнае шчасце», аповесці «Гандлярка і паэт», «Ахвяры». Пісьменнік заўсёды смела распрацоўваў матэрыял сучаснага жыцця, браўся за многія тэмы. Нездарма А. Куляшоў пісаў: “Проза Івана Шамякіна - своеасаблівы літаратурны барометр. Яна служыць дакладным паказчыкам усіх змен і новых веянняў, якія адбываюцца вакол нас; па ёй можна меркаваць аб ступені важнасці ці злабадзённасці пытанняў, якімі ў гэты момант жывуць сучаснікі пісьменніка і якія ім закранаюцца”. Больш чым паўстагоддзя I. Шамякін аддаў творчай працы і грамадскай дзейнасці. Ён выбіраўся дэпутатам рэспубліканскага ўзроўню і Вярхоўнага Савета СССР, з 1971 па 1985 г. узначальваў Вярхоўны Савет БССР. Шмат гадоў I. Шамякін працаваў на ключавых пасадах у Саюзе пісьменнікаў Беларусі, кіраваў выдавецтвам «Беларуская энцыклапедыя». На працягу літаратурнага часу гімназісты больш падрабязна пазнаёміліся з жыццём і творчасцю гэтага таленавітага пісьменніка, паглядзелі відэаролік. Спадзяюся, што гэта мерапрыемства спрыяла абуджэнню цікавасці адзінаццацікласнікаў да творчасці І. Шамякіна.

Комментариев нет:

Отправить комментарий